З гісторыі Малевіцкай сярэдняй школы

Першы будынак школы знаходзіўся ў вёсцы Заграддзе. Гэта была трохкласная царкоўна-прыходская школа. Будынак быў маленькі, драўляны, у ім мог размясціцца ўсяго адзін клас. У школе ў сярэднім займалася 20 вучняў. Быў адзін настаўнік М.Р. Гурчанкоў.

Пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі школа засталася пачатковай і толькі з 1929 года стала сямігадовай. Да вайны ў розныя гады ў школе працавалі настаўнікі: І.М. Красоўскі, А.К. Лепля, Ф.Г. Ермалаеў, П.В. Лашкевіч.

У 1921 годзе на тэрыторыі Малевіцкага сельсавета была створана камсамольская арганізацыя. А ў 1929 годзе ў школе быў арганізаваны першы піянерскі атрад. Адной з першых піянерскіх важатых была Н.Г. Прусава.

22 чэрвеня 1941 года пачалася Вялікая Айчынная вайна. Ужо 3 ліпеня Малевічы былі занятыя нямецкімі захопнікамі. Падчас адыходу чырвонаармейцы спалілі школу. Заняткі спыніліся. На тэрыторыі раёна ствараліся партызанскія брыгады. У партызаны пайшлі настаўнік І.М. Красоўскі і многія былыя вучні школы.

Але адгрымелі баі. У 1948 годзе быў пабудаваны новы будынак школы. Каля яго вучні пасадзілі таполі і сад. У 1949 годзе ў школе адбыўся першы выпуск. Адукацыю атрымалі 21 чалавек. У 1950 годзе школу закончылі 10 вучняў, у 1951 – 31 вучань, у 1952 – 24 вучні. З 1954 па 1957 гады школу закончылі 98 чалавек.

У 1957 годзе вучні пасадзілі каля 300 дрэў па дарозе на вёску Рудня, а ў 1960 – парк каля сельскага клуба.

У 1962 годзе недалёка ад школы каля дарогі быў паставлены помнік тым, хто загінуў у гады Вялікай Айчыннай вайны. У гэтым жа годзе каля помніка зашумеў малады парк, пасаджаны вучнямі школы.

У 1961 годзе ў школе быў уведзены васьмігадовы курс навучання. А ў 1979 годзе была пабудавана і пачала новы навучальны год новая светлая школа, у якой мы вучымся і зараз.

Першым дырэктарам новай школы стала В.І. Кліцунова.

Дзякуючы настойлівай працы настаўнікаў і вучняў, яна пераўтварылася ў цудоўны храм навукі і з’яўляецца адной з самых прыгожых сярэдніх школ нашага раёна. Шмат гадоў сваёй працы аддалі нашай школе настаўнікі: В.І. Кліцунова, А.П. Жычка, Е.У. Жычка, В.К. Гараўцова, С.І. Очкіна, Ю.Ф. Ткачова, М.І. Баравік, А.У. Серафімовіч, Л.М. Бойка, Н.К. Губіна, А.І. Нагорная і інш.